СМА́КУ О́РГАНЫ, смакавыя цыбуліны,
органы, якія ўспрымаюць смакавыя раздражненні.
У чалавека смакавыя цыбуліны (да 10 тыс.) размешчаны ў эпітэліі рота, языка, пярэдняга аддзела глоткі, стрававода і гартані. У дзяцей — у эпітэліі губ, надгартанніка, галасавых звязак. Маюць эліпсападобную форму, утвораны 30—80 прадаўгаватымі смакавымі клеткамі. Верхняя ч. смакавай клеткі мае мікравырасты, якія ўспрымаюць раздражненні смакавых рэчываў. Узбуджэнне смакавых клетак па нерв. валокнах перадаецца ў кару галаўнога мозга, дзе фарміруецца смак. У насякомых С.о. прадстаўлены конусападобнымі вырастамі на сценках рота і стрававода. У рыб у поласці рота каля 20 тыс. смакавых цыбулін, у птушак 80—400, у млекакормячых да 2 тыс.
А.С.Леанцюк.
т. 15, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)